КАПЫ́ЛЬСКА-КЛЕ́ЦКІ СТРОЙ,

традыцыйны комплекс бел. нар. адзення Цэнтр. Беларусі. Бытаваў у 19 — пач. 20 ст. пераважна ў Капыльскім, Клецкім, Уздзенскім, Нясвіжскім р-нах. Вызначаўся багаццем кампазіцыйных вырашэнняў, класічнасцю арнаменту вышывак і натыкання. Аснову летняга жаночага гарнітура складалі кашуля, спадніца (андарак), фартух, гарсэт. Кашулю шылі з кужэльнага палатна, кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі з падточкай грубага палатна (радзей з гесткай), адкладным шырокім каўняром і глыбокім разрэзам пазухі. Чырвоны або чырвона-чорны геам. (радзей раслінны і з выявамі птушак, людзей) арнамент размяшчаўся на рукавах гарыз. і верт. палосамі ў шахматным парадку і на каўняры. Андарак шылі з 4 кроеных па аснове або 2 кроеных па ўтку полак паўсуконніка, вытканага ў 4 ніты ўзорам папярочных разнаколерных паскаў або клетак на белым, чорным, зялёным, блакітным, бурачковым фоне. Па ніжнім краі праходзіў шырокі маляўнічы шляк з пярэстымі паскамі або з геам. арнаментам. Крой і маст. афармленне спадніцы і андарака падобныя. Іх прасавалі ў буйныя і частыя складкі, што стварала танальныя пералівы і падкрэслівала прыгажосць каларыстычнай гамы. Фартух кроілі з 1—2 полак белага палатна, цёмна-сіняй, малінавай шарсцянкі ці паркалю, да пояса ззаду часта прышывалі дэкар. клінкі-лапаткі. Аздаблялі вышыўкай, узорыстым ткацтвам, вязаннем, фляндраваннем, складкамі. Гарсэт шылі з фабрычных тканін, кароткім з глыбокім выразам на грудзях. Спераду аздаблялі нашыўкамі рознакаляровых тасёмак, стужак, гузікаў. Галаўныя ўборы жанчын — шаўковыя ці атласныя каптуры са стракатымі нашыўкамі спераду тасьмы, галуна і інш.; наміткі, хусткі. Нагрудныя і шыйныя ўпрыгожанні — пацеркі, тасёмкі, абразкі. Мужчынскі гарнітур складалі кашуля, аздобленая вышыўкай чырвонага геам. арнаменту на адкладным каўняры, плечавых устаўках, падоле, шырокі ўзорысты пояс з кутасом, камізэлька, нагавіцы. Галаўныя ўборы — саламяныя капелюшы, картузы, кучомкі, аблавухі.

М.​Ф.​Раманюк.

Да арт. Капыльска-клецкі строй. Касцюм дзяўчынак. 1930-я г. Жанчына ў святочным адзенні. Сярэдзіна 20 ст. Усе — вёска Морач Клецкага р-на Мінскай вобл.

т. 8, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)